Сегодня: понедельник, 20 ноября 2017г.
Жлобин -

Прогноз погоды

Данные о погоде предоставлены FORECA
USD 2.005, EUR 2.3648

Курсы валют

2.005
2.3648
3.3615
Данные о валюте предоставлены NBRB.BY
Есть вопрос?
свяжитесь с нами:
+ 375 (2334) 7 80 90
написать нам

2017 - ГОД НАУКИ

Жыццёвыя гісторыі гісторыка Аляксандра Пятруннікава

17.03.2017
249

Восенню мінулага года ўраджэнец Жлобіншчыны – кандыдат гістарычных навук, прафесар Аляксандр Емяльянавіч ПЯТРУННІКАЎ адзначыў сваё 80-годдзе. Але, нягледзячы на такі паважаны ўзрост, ён па-ранейшаму працуе – на кафедры філасофіі і паліталогіі Беларускага інстытута правазнаўства ў Мінску, шмат друкуецца. Каб сустрэцца з гэтым чалавекам, наш карэспандэнт завітаў да яго ў госці ў адзін з раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці – Баранавічы. 

Род яго такі

Магчыма, хтосьці з нашых чытачоў спытаецца: чаму Баранавічы, а не сталіца рэспублікі, дзе знаходзіцца навучальная ўстанова, у якой працуе Аляксандр Емяльянавіч? Справа ў тым, што ў гэтым горадзе наш зямляк жыве з канца 1990-х гадоў. Тут – малая радзіма яго жонкі – Ганны Уладзіміраўны. У Баранавічах таксама жыве і працуе ўрачом іх дачка Іна (ёсць у Пятруннікавых-старэйшых яшчэ і сын Міхаіл, які жыве ў Санкт-Пецярбургу, дачка Алеся – у Нарвегіі). Тут жа доўгі час дзейнічаў філіял Беларускага інстытута правазнаўства, дзе і выкладаў Аляксандр Емяльянавіч. Калі ж яго закрылі, ветэран навукі згадзіўся кожны тыдзень ездзіць чытаць лекцыі ў Мінск. Але ці не стамляюць такія паездкі? На гэта мой субяседнік адказаў:

– Наадварот, такі напружа- ны рытм жыцця дапамагае мне не заўважаць свой узрост. Акрамя ўсяго, частыя паездкі ў Мінск дазваляюць адчуваць пульс жыцця краіны. Ды я і чалавек такі, не магу ўседзець на месцы. І ўвесь род мой такі актыўны. Напрыклад, мой дзед Мітрафан Леанкоў (1884–1978) здолеў выбіцца з простых сялян у аграномы. Ён пабачыў свет. На агранома вучыўся аж у Маравіі. І яшчэ да рэвалюцыі стаў адным з самых паважаных людзей на Жлобіншчыне дзякуючы сваёй адукацыі. А ў савецкі час узначаліў калгас у пасёлку Нікольскі, што пад Пірэвічамі. Адтуль і я родам.

У Нікольскім прайшло дзяцінства Аляксандра Пятруннікава. То быў цяжкі час. Ішла вайна. Аднойчы, гэта было ў 1943 годзе, карнікі схапілі вяскоўцаў у якасці заложнікаў. Сярод іх аказаўся і сямігадовы Саша. Але, скарыстаўшыся момантам, хлапчук па дарозе здолеў скаціцца ў канаву і там затаіцца.

Вайна аддае болем у душы Аляксандра Пятруннікава і сёння. Яшчэ і таму, што з яе не вярнуўся яго бацька – Емяльян Мікітавіч Пятруннікаў (1903–1941), які пайшоў на фронт добраахвотна і загінуў пры абароне Масквы.

– Толькі ў 2011 годзе расійскія пашукоўцы знайшлі яго медальён, – кажа Аляксандр Емяльянавіч. – Таму  наша сям’я сёння хаця б прыблізна ведае, дзе загінуў мой бацька.

Магла загінуць і маці Аляксандра – Фёкла Мітрафанаўна. Здарылася гэта летам 1941 года, калі немцы вялі па Нікольскаму групу нашых ваеннапалонных. Сярод іх была адна дзяўчына – медсястра. Ёй Фёкла Мітрафанаўна, нягледзячы на пагрозы канваіраў, перадала гладышку з малаком. За гэта атрымала ад фашыста ўдар штыком у спіну. На шчасце, рана аказалася не смяротнай. А той дзяўчынай была студэнтка Саратаўскага медінстытута. Яна здолела ўцячы ад канваіраў і вярнулася ў Нікольскі. Яе схавала ў сябе цётка Аляксандра. Хутка ў Нікольскім з’явіўся яшчэ адзін бяглец – дзядзька Аляксандра. Ён закахаўся ў гэтую дзяўчыну, якая стала яго жонкай. Яны ж разам ваявалі ў партызанах.

Аляксандр Пятруннікаў такіх жыццёвых гісторый, якія тычацца яго родзічаў і яго самога, можа расказаць яшчэ шмат. Але вернемся да нашай асноўнай тэмы – навукі.

Далёкая і блізкая Балгарыя

Прадметам «гісторыя» наш зямляк захапіўся яшчэ будучы вучнем Пірэвіцкай школы. – Я ўдзячны сваёй настаўніцы Людміле Аляксандраўне Віннікавай, якая ў нашай школе выкладала гісторыю, – кажа Аляксандр Емяльянавіч. – Яна вельмі паспрыяла таму, што я палюбіў гэты прадмет. Людміла Аляксандраўна па-ранейшаму жыве на Жлобіншчыне, у вёсцы Старая Рудня. Карыстаючыся момантам, хацеў бы праз газету «Новы дзень» перадаць ёй прывітанне і пажадаць здароўя. (Пра Людмілу Аляксандраўну Віннікаву (у замужжы – Стальчанка) мы пісалі на старонках нашай газеты: гл. «НД» – № 12, 12.02.2016 г.).

Пасля школы Аляксандр Пятруннікаў паступіў у Гродзенскі педінстытут. Потым служыў у арміі. Пэўны час працаваў намеснікам ды- рэктара тэхнічнага вучылішча – зноў жа ў Гродне. Затым скончыў аспірантуру пры Інстытуце гісторыі пры ЦК Кампартыі Беларусі. Працаваў на розных пасадах і ў розных месцах, нават у Расіі. Мы ж спынімся на тэме яго кандыдацкай дысертацыі, якая аказалася для мяне нечаканай. Яна тычылася гісторыі камсамола Балгарыі. Працуючы над гэтай тэмай, Аляксандр Емяльянавіч некалькі разоў ездзіў у гэтую краіну, працаваў у мясцовых архівах. І знайшоў там... Што б вы думалі, паважаныя чытачы? Канешне, патрэбныя матэрыялы па навуковай тэме. Але не толькі.

– У архіўных дакументах я «сустрэў» свайго земляка – ураджэнца Пірэвічаў – Фоку Астапавіча Грушанава, – паведаміў Аляксандр Емяльянавіч. – Ён у 1877–78-х гадах удзельнічаў у вызваленні Балгарыі ад турэцкага іга. Вызначыўся ў бітве за Плеўну і быў узнагароджаны салдацкім Георгіеўскім крыжом 4-й ступені. Яго імя таксама выбіта на памятнай стэле ў Плеўне.

Аб’ектыўны погляд

Сёння Аляксандра Пятруннікава як вучонага-гісторыка цікавяць пытанні, звязаныя са станаўленнем маладой беларускай дзяржаўнасці. Аляксандр Емяльянавіч лічыць:

– Ва ўсе часы многае залежыць ад здольнасці палітыкаў правільна ацаніць сітуацыю. Яны павінны ўяўляць сабе, што моц і стабільнасць нашай дзяржавы – у адзінстве.

Што паказальна, Аляксандр Пятруннікаў і сёння не адмовіўся ад сваіх камуністычных поглядаў, па-ранейшаму з’яўляецца членам кампартыі. Але як сапраўдны вучоны-гісторык у навуковай дзейнасці ён не абмяжоўваецца партыйнымі рамкамі, не кідаецца ў крайнасці. У прыватнасці, Аляксандр Емяльянавіч упэўнены, што нават вопыт царскай Расіі ў будове дзяржаўнасці ў пэўнай ступені можа быць карысным і для нашага часу. І ён здзівіў сваіх аднапартыйцаў тым, што выдаў у Беларусі кнігу «Цары і імператары Расіі», у якой адзначыў і станоўчыя моманты гэтага гістарычнага перыяду . Кніга мела поспех у чытачоў, і некалькі гадоў таму назад яе перавыдалі – ужо ў Расіі.

Шчырыя пажаданні

Аляксандр Пятруннікаў даволі часта бывае на сваёй малой радзіме – у Нікольскім, у Пірэвіцкай школе. У мінулым годзе завітаў і ў рэдакцыю нашай газеты. Ён кажа:

– А яшчэ я вельмі люблю прагуляцца пешшу па Жлобіну. Горад вельмі прыгожы, малады – асабліва гэта стала заўважна пасля таго, як тут прайшло рэспубліканскае свята «Дажынкі-2013». Жадаю сваім землякам мірнага неба, дабрабыту і аптымізму.

МІКАЛАЙ ШУКАНАЎ.

На здымках: уверсе – Аляксандр Пятруннікаў – чытач і аўтар «Новага дня»; унізе – кніга вучонага і часопісы, у якіх ён друкуецца.

Фота аўтара і з сямейнага архіва А. Пятруннікава.

Добавить комментарий

Календарь
наверх