Сегодня: вторник, 13 ноября 2018г.
Жлобин -

Прогноз погоды

Данные о погоде предоставлены FORECA
USD 2.1431, EUR 2.4151

Курсы валют

2.1431
2.4151
3.1746
Данные о валюте предоставлены NBRB.BY
Есть вопрос?
свяжитесь с нами:
+ 375 (2334) 7 80 90
написать нам

Год малой родины

Чырвоная Слабада: «Свае гады пражылі сумленна»

29.05.2018
270

На карце Жлобінскага раёна ёсць такая вёска – Чырвоная Слабада. Знаходзіцца яна ў Чырвонабярэжскім сельскім савеце, і пражываюць у ёй пастаянна, калі не лічыць дачнікаў, што наведваюцца сюды толькі ў сезон, усяго чатыры чалавекі. Чырвоная Слабада – гэта населены пункт з адзінай вуліцай, якая працягнулася амаль на два кіламетры. Хаты размешчаны далёка адна ад другой... Хаця калі едзеш па шашы М-5, позірку адкрываецца прыгожая панарама – невялічкая вёсачка тоне ў зеляніне дрэў, і здаецца, што там кіпіць жыццё, мужчыны колюць дровы на двары, жанчыны завіхаюцца каля печы і гатуюць смачную крупеню ці бабку, дзеці гуляюць у хованкі на вуліцы, а гусі, куры, індыкі важна ходзяць па падвор’і…

Насамрэч гэта толькі здаецца. Тут, на адзінай вясковай вуліцы, пуста, і толькі вокны хат блішчаць на сонцы… Бабулі і дзядулі, якія жывуць у Чырвонай Слабадзе, выходзяць за вароты сваіх дамоў, толькі каб штосьці купіць у аўталаўцы ці насустрач сваякам – дзецям, унукам… Добра, што старыя аптымістычна настроены і заўсёды рады гасцям. У гэтым мы ўпэўніліся, калі наведалі іх.

Завіталі да Лідзіі Міхайлаўны Ядлоўскай, якая нарадзілася ў Чырвонай Слабадзе ў 1937 годзе і добра памятае асноўныя эпізоды з жыцця вёскі. І асабліва ваенны час. Жанчына расказала:

– Памятаю, калі была вайна, нашы хаты занялі немцы і жыхарам прыходзілася сяліцца разам – па дзве-тры, а то і чатыры сям’і. Мы жылі ў бацькавай сястры, нас у маленькай хаціне, чатыры на чатыры, юцілася аж дванаццаць чалавек! Яшчэ добра помню, як усіх вяскоўцаў, і малых, і дарослых, немцы загналі ў царкву і хацелі яе падпаліць. А наша настаўніца, па прозвішчы Сухарава, пагутарыла з імі, і ў выніку нас вызвалілі. А што яна ім сказала – ніхто не ведае.

– Лідзія Міхайлаўна, усім вядома, што на базе былога тэхнікума ў Чырвоным Беразе немцы зрабілі перасылачны дзіцячы пункт, дзе ў дзяцей забіралі кроў для германскіх салдат. Зараз недалёка ад тэхнікума, як памяць пра тыя жудасныя падзеі, створаны мемарыяльны комплекс «Дзецям – ахвярам вайны». Вы што-небудзь пра гэта ведаеце?

– Канешне! З нашай вёскі туды забіралі большых дзяцей, падлеткаў. Немцы рабілі аблавы, бо ўсе хаваліся, таму што ведалі: дзеці не вярталіся з той «лабараторыі». Дзве мае старэйшыя сястры і брат падчас такіх аблаў хаваліся ў жыце. Аднойчы брата злавілі, завезлі ў тэхнікум… Кажуць, што ён вельмі крычаў, сарваў голас, пасля захварэў на скарлаціну. Дзякуючы гэтай скарлаціне яго адпусцілі са смяротнай лабараторыі, а на шыю прычапілі шыльду са словам «Нягодны», бо немцам чыстая кроў патрэбна была, а што з хворага чалавека возьмеш?

– Вядома, што падчас Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі 13 двароў у вашай вёсцы, 18 жыхароў загінулі на фронце. У баях каля вёскі ў чэрвені 1944 года загінулі 128 савецкіх салдат. На могілках каля вашай вёскі ёсць брацкая магіла, дзе некаторыя з іх пахаваны…

– Гэта так. Памятаю, што забітых салдат шмат ляжала. Іх мясцовыя жыхары пахавалі на нашых могілках… Жудасна гэта ўспамінаць. Але ёсць і светлыя ўспаміны: калі прыйшло вызваленне, у вёсцы былі нашы салдаты… Мая аднагодка абхапіла за ногі аднаго з ваенных і спытала: «Дзядзечка, ці хутка мой татка дадому прыйдзе?» А ён адказаў, смеючыся: « Хутка!» Мой бацька, дарэчы, вярнуўся з вайны інвалідам…

Пасля гаворка пайшла пра разбураную царкву, асвечаную яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў імя праваслаўнага святога вялікага благавернага князя Аляксандра Неўскага. Яна стаіць пасярэдзіне вёскі. У прастольнае свята сюды на кірмаш з’язджалася многа людзей з навакольных вёсак – Гарбачоўскай Слабады, Сенажатак, Дубровы, Ухватаўкі, Чарцяжа… У канцы 30-х гадоў святара царквы рэпрэсавалі і храм зачынілі. Затым царкву ператварылі ў калгасны склад, а падчас нямецка- фашысцкай акупацыі тут месцілася канюшня.

Лідзія Міхайлаўна расказала і пра пасляваенны час: жылі бедна, галадалі, бо жывёлы не было, на палях – толькі «бульба-гнілушка»… У Чырвонай Слабадзе знаходзілася школа-сямігодка. У восьмы – дзясяты клас хадзілі пешшу ў Чырвонабярэжскую школу. Магазін быў праз шашу – у Сенажатках (зараз Рагачоўскі раён), у клуб на танцы бегалі ўсёй гурбой і ў Сенажаткі, і ў Гарбачоўку (таксама Рагачоўскі раён), і у Чырвоны Бераг. Пасля заканчэння школы Лідзія Міхайлаўна вучылася ў Бабруйскай школе бухгалтараў, потым завочна скончыла Гомельскі тэхнікум бухгалтараў, працавала ў калгасе «Побалава». З мужам Мікалаем Пятровічам пражыла 46 гадоў, яны вырасцілі траіх дзяцей, зараз падрастаюць ужо і праўнукі… На жаль, гаспадар памёр… Напрыканцы нашай гаворкі Лідзія Міхайлаўна сказала, што нарадзілася і хрысцілася у Чырвонай Слабадзе, тут усё яе жыццё.

Затым мы адправіліся яшчэ да адных мясцовых жыхароў – Яўгена Генрыхавіча і Яўгеніі Карпаўны Закрэўскіх, 1933 і 1931 гадоў нараджэння. Гаспадар хаты нарадзіўся ў Чырвонай Слабадзе і шмат чаго мог бы нам паведаміць, але, на жаль, ён захварэў. Ды і гаспадыня пажалілася на сваё здароўе, сказала, што зімой хутчэй за ўсё прыйдзецца ім перабрацца да дзяцей у горад, бо вельмі цяжка быць адным, без догляду. Я пацікавілася, ці ведае яна факты з гісторыі вёскі? Жанчына адказала:

– Я родам са Светлагорскага раёна, сюды выйшла замуж і жыву тут ужо 51 год. Раней вёска называлася Царская Слабада, напэўна, таму, што тут знаходзіцца царква ў гонар Аляскандра Неўскага. Затым вёску перайменавалі ў Зялёную Слабаду, на сённяшні дзень – Чырвоная Слабада. Чаму гэта рабілася – не магу сказаць. Мяняюцца час, людзі, погляды, і гэта адлюстроўваецца на асяроддзі…

Раней у нашай вёсцы было амаль 25 двароў і ў кожным па пяць – дзевяць чалавек. У кагосьці трое дзяцей было, а ў кагосьці – сямёра… Я праца- вала на ферме даяркай, муж – у саугасе-тэхнікуме. Вёска была як вулей, шумела і гула, людзі адзін аднаго ведалі, дапамагалі, працавалі, сябравалі… Зараз гэтага няма… Такое жыццё, а што зробіш? Але што скардзіцца: дзяцей выгадавалі, свае гады пражылі сумленна. Ні аб чым не шкадуем…

Вось якая яна, вёсачка Чырвоная Слабада… У яе багатае гістарычнае мінулае, і вельмі шкада, што людзей, сведак тых падзей, з кожным днём становіцца ўсё менш. Але ж радуе, што яна яшчэ існуе на карце нашага раёна і, напэўна, будзе існаваць – сюды наведваюцца дачнікі, магчыма, хтосьці прыедзе ў бацькоўскую хату, калі выйдзе на пенсію. Усё можа быць…

Таццяна СКОБЕЛЕВА.

Фота аўтара.

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter"

Добавить комментарий

Календарь
наверх